Перайсці да зместу

Ігар Пятровіч Барысаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ігар Пятровіч Барысаў
Дата нараджэння 24 мая 1982(1982-05-24) (42 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Адукацыя
Партыя
Член у
Род дзейнасці палітык, журналіст, публіцыст
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ігар Пятровіч Барысаў (нар. 24 мая 1982, Магілёў) — беларускі палітык, рэдактар і журналіст. Магістр палітычных навук. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і рабочых. У 2004 годзе скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (Магілёў), у 2009 годзе — Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільнюс). Мае дыпломы інжынера-электрыка і палітолага. Магістр палітычных навук. Жанаты, мае дзве дачкі. Ведае беларускую, рускую, англійскую і французскую мовы.

У 2004—2006 гадах працаваў на заводзе «Магілёўліфтмаш», у 2009 годзе — у арганізацыі «Служба камплектацыі трубаправодаў — завод палімерных труб». У абодвух выпадках звольнены за палітычную дзейнасць. У 2010—2022 гадах працаваў у прыватных камерцыйных арганізацыях.

У 2018 годзе пераехаў з сям’ёй у Мінск. З 2022 года часова жыве ў Бельгіі.

Палітычная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

У Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) уступіў у 2001 годзе. З 3 жніўня 2008 года сябар ЦК БСДП, з 2009 года адказны за партыйную працу ў Магілёўскай вобласці, сябар Прэзідыума БСДП. З 10 кастрычніка 2010 года намеснік старшыні БСДП. З 13 сакавіка 2016 года першы намеснік старшыні БСДП. З 11 сакавіка 2018 года старшыня БСДП.

Быў актывістам незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і членам Беларускай асацыяцыі журналістаў (арганізацыі ліквідаваныя ўладамі ў 2021-22 гадах).

У 2017 г. пасля вяртання з міжнароднай сустрэчы ў Берліне быў затрыманы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Беларускія праваахоўнікі спрабавалі не дапусціць правядзенне мітынгу ў Магілёве супраць дармаедскага Дэкрэта, адным з арганізатараў якога быў Ігар Барысаў.

У 2019 годзе ўваходзіў у склад грамадскай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі па падрыхтоўцы змен у закон «Аб палітычных партыях».

Ініцыятар і адзін з асноўных арганізатараў правядзення святкавання Дня Волі ў Кіеўскім скверы ў 2019 годзе.

Падчас выбарчай кампаніі 2020 г. быў каардынатарам штаба «Праймерыз» па вылучэнні адзінага кандыдата[1] ў прэзідэнты ад дэмакратычнай апазіцыі.

У верасні 2020 г. выступіў з ініцыятывай правядзення круглага стала з удзелам палітычных партый, на якім сабралася 10 з 15 зарэгістраваных палітычных партый. Па выніках круглага стала была прынята рэзалюцыя аб спыненні гвалту, вызваленні ўсіх затрыманых і правядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў. Пасля гэтага Міністэрства юстыцыі распачало праверку дзейнасці палітычных партый, што ў выніку прывяло да ліквідацыі 12 з 15 партый у 2022 годзе.

У снежні 2023 года запрошаны на VI Усебеларускі народны сход як госць, аднак пасля кансультацый з аднапартыйцамі ўстрымаўся ад удзелу ў ім.

За сваю палітычную дзейнасць неаднаразова затрымліваўся і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў. 21 сакавіка 2021 г. напярэдадні Дня Волі (25 сакавіка) быў затрыманы невядомымі ў масках, дастаўлены ў Партызанскі РУУС г. Мінска, а пасля асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля вызвалення заявіў[2] пра ўжыванне адміністрацыяй Акрэсціна супраць палітычных затрыманых хлору.

У 2018 годзе вылучаўся ад БСДП у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў. У 2019 годзе — у Палату прадстаўнікоў па 106-й Коласаўскай выбарчай акрузе ў Мінску.

Удзельнічаў у міжнародным назіранні за выбарамі ў Грузіі, Літве, Нарвегіі, Швецыі і Украіне.

Журналісцкая і рэдактарская дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Ігар Барысаў на ІІ Форуме левых дэмакратычных сіл Беларусі 7 лютага 2021 года

Адзін з заснавальнікаў незалежнай рэгіянальнай газеты «НАШ Магілёў» (2006—2017). Выйшла 102 нумары. Галоўны рэдактар газеты «НАШ Магілёў» у 2010—2017 гадах.

У 2014—2016 гадах быў Прэс-сакратаром кампаніі назірання за выбарамі «Права выбару».

Галоўны рэдактар партыйнага часопіса Рабочай групы «Жанчыны БСДП» «Адлюстраванне» (2011—2016). Выйшла 9 нумароў.

Галоўны рэдактар аналітычнага часопіса БСДП «Пазіцыя» (з 2018 года). Аўтар брашур «Беларуская сацыял-дэмакратыя і дыктатура» (2014), «Што такое дэкрэт № 3 і як яго абысці?» (2015), ініцыятар распрацоўкі «Праграмы дзеянняў БСДП» (2017).

Рэгулярна выступаў са сваімі артыкуламі ў газеце «Народная Воля» і сайце naviny.by[3].

  1. В праймериз оппозиции будут участвовать 6 человек. Кто они?. belsat.eu. Праверана 15 лістапада 2023.
  2. «Чрезмерная концентрация, ты задыхаешься». Против политзаключенных используют хлор. belsat.eu. Праверана 15 лістапада 2023.
  3. Барысаў Ігар Пятровіч(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 ліпеня 2018. Праверана 7 снежня 2020.